![]() |
|||||
| |||||
![]() Працы вучняў пра край Фатаграфія як жывая гісторыя фотаздымак 1
Любоў Іванаўна Казачонак, фотаздымак 2
Сарафіна Цвірка, фотаздымак 3
Язэп Анісімавіч Цвірка, бацька. фотаздымак 4
Станіслаў Станіслававіч фотаздымак 5
Вяселле ў Шэлехаве, 1957г. фотаздымак 6
Карповічы: маці з сваімі сынамі. фотаздымак 7
Юзік Карповіч у арміі, 1955год, фотаздымак 8
Любоў Іванаўна з сваячкай і фотаздымак 9
На Шэлехаўскай вуліцы. фотаздымак 10
Любоў Іванаўна ў сваім агародзе, |
Праца на агульнабеларускі конкурс для школьнікаў "Гісторыя вачыма хатняга фатографа", 2007 год Камароўская Марына, Арэшкавічы Кіраўнік - Наталля Валянцінаўна Ільініч Фатаграфія - жывая гісторыяСёння каля нас так многа фотаздымкаў. Мы кожны свой дзень можам сфатаграфаваць. Мы пазіруем, крыўляемся, робім смешныя рыльцы, адным словам, творым усё, што хочам, на фотаздымку. Мы па-іншаму сталі цаніць фатаграфіі. У нашым грамадстве фотаздымкі захоўваюцца ўжо ў кампутарах у вялікай колькасці. Фатограф нам не патрэбны. Мы самі фатографы. Мы самі сябе фатаграфуем, і гэта жыццё на фотаздымку простае, нецікавае. Гэта ўжо не тое былое мастацтва стварэння фатаграфіі. Гэта яго бледны дублікат. Гэты жыццяпіс я хачу пачаць з аднаго фотаздымку (фотаздымак 1) . Ён самы стары з усіх, што ў мяне ёсць. Гэты фотаздымак зроблены ў 1938 годзе, калі гэтай маладой дзяўчыне (будучай маці маёй гераіні) было 18 гадоў. Але ўжо ў гэтыя гады яна не баіцца глядзець уперад, у далёкую будучыню. Яна прыгожая, вясёлая, цікавая. Яна ведае, што ўсё яшчэ наперадзе і што ўсё будзе добра. Маёй гераіняй з'яўляецца будучая дачка гэтай дзяўчыны. Гэта Ганна Язэпаўна Карповіч (дзявочае Цвірка) нарадзілася ў горадзе Асіповічы ў 1941 годзе. Яе маці, Любоў Іванаўна Казачонак, з вёскі Ставішчы Асіповіцкага раёна нарадзілася ў 1920 годзе. А бацька, Язэп Анісімавіч Цвірка, быў з 1901 года, з вёскі Шэлехава Пухавіцкага раёна. Яе маці асірацела, калі ёй было ўсяго 2 гады. Выхоўвала мачыха, якая "была добрай жанчынай і ўмела смачна гатаваць". Любоў Іванаўна закончыла тры класы, "магла распісацца і пісьмо напісаць". Дзед Ганны Язэпаўны, Анісім Цвірка, купіў зямлю ў Шэлехаве ў пана Булгака дзесьці з 1875 па 1890 год, а сам ён родам з вёскі Омельна ці Клятное. У сям'і часта жартавалі з таго, што ў дзеда Аніся пасля куплі зямлі яшчэ засталося золата і ён зарыў яго недзе ў двары ці агародзе. Найбольш актыўныя нашчадкі спрабавалі шукаць той збан, перакопваючы зямлю ў садзе, ды нічога не знайшлі. Сышліся на тым, што дзед, відаць, аддаў тыя грошы малодшай дачцэ, у якой было шмат дзетак, а муж не вярнуўся з вайны і ёй было дужа цяжка адной гадаваць дзяцей пасля вайны. У 1929 годзе Анісіма раскулачылі: забралі зямлю, жывёлу, паў-хаты іхняй перавезлі ў Суцін на патрэбы Савецкай улады. Дзякуй Богу, што хоць палову хаты пакінулі ды ў Сібір не саслалі. У сям'і дзеда Анісіма і бабулі Цаклеты было чацвёра дзяцей. Бацька Ганны, Язэп Анісімавіч, працаваў шафёрам у Асіповічах, шыў абутак (высокія шнураваныя жаночыя боцікі, што на фота ў яго сястры Сарафіны, якая была вельмі прыгожай жанчынай (фотаздымак 2), рабіў шафы з дубу для адзення. Але ён ніколі не забываў пра сваіх бацькоў і нават прыязджаў да іх на машыне ў Шэлехаў, каб дапамагчы па гаспадарцы. Ажаніліся Язэп і Люба яшчэ перад вайной, ў 1939 годзе. Першай у іх нарадзілася якраз Ганна Язэпаўна ў 1941 годзе, а пасля ў 1943 з'явілася другая дачка, якую назвалі Аленай. Калі мама зацяжарала ёю, тата завёз яе да бацькоў у Шэлехаў. Але, на жаль, Алена так ніколі і не ўбачыла свайго бацьку з-за адной гісторыі. У вайну партызаны прыходзілі да дзеда Анісіма і ўсё, што было, забіралі сабе. І вось аднойчы дзед вырашыў закапаць у зямлю хлеб, адзенне, абутак, каб партызаны не забралі. А яны прыйшлі, перакапалі ўсё, знайшлі, што шукалі, ды яшчэ забралі да ўсяго гэтага бочку са збожжам і посуд. "Гнаць вас у шыю, працаваць на полі!"- сказаў дзед, выганяючы партызан. "Як яны яго не забілі? Вось жа нешта стрымала іх," - кажа Ганна Восіпаўна. Пасля гэтага бацька - Язэп Анісімавіч - ішоў ад сястры з Пабокавіч у Шэлехаў цераз Тальку. Там яго сустрэлі партызаны і забілі. За што? Адпомсцілі, што дзед так сказаў партызанам. Забойцы забралі ў бацькі 2 кавалкі мыла. На гэтым фотаздымку (фота 3) Язэп яшчэ, канешне, не ведае, які трагічны ў яго лёс. Але ўжо тады вочы ў яго былі нечым устрывожаныя. Ён сур'ёзны, напружаны, быццам адчувае тое, што нешта здарыцца. Здарылася гэта ў лютым 1943 года. Праз некалькі месяцаў у Любы і Восіпа народзіцца Леанарда, але бацька яе ніколі не ўбачыць. Мама Любоў Іванаўна засталася жыць у дзеда Анісіма, потым купіла сабе нейкую варывеньку, перарабіла яе на хатку. З 1945 па 1947 гады маміна мачыха ўзяла Ганну ў Ставішчы пасвіць гусей. Было ёй тады 7 гадоў. "Гусі ў балота ідуць, а я стаю і плачу!"- смяецца Ганна Язэпаўна. Галадалі тады горш, чым у вайну. "Есці зусім не было чаго. Збіралі пышкі (гнілую бульбу) вясною на калгасным полі,"- успамінае Ганна Язэпаўна. "Аднойчы я ўбачыла ў суседкі ў свіных ночвах дзве вараныя бульбіны і лушпінне. Украла бульбу ў кішэню, а лушпінне ў руку пад хустку. Стаю, ем за хатай з цыбуляй, а тут ідзе мой дзядзька. Убачыў мяне і пытае: "Дзе ўзяла?" А я кажу: "У ночвах ў суседкі." Нюхала, як сабака той, дзе хлеб пякуць. Украла ў другой суседкі кавалачак хлеба. Суседка сказала пра гэта бабе, дык яна вырашыла адправіць мяне да матулі ў Шэлехаў. Па дарозе нейкая баба ў цягніку ела лусту хлеба са смятанай. Я падышла, стаю і гляджу, як яна есць яго. Тады яна дала мне палову кавалка гэтага хлеба. У Дзям'янаўцы ідзём, а там хлебам пахне. Я на гэты пах прыйшла ў хату, а там жанчына хлеб пячэ і кладзе яго радком ад самага вялікага да самага маленькага. Я зайшла ў хату, стала і гляджу на гэты хлеб, маўчу. Гэта добрая жанчына (хацела я потым знайсці яе, але так і не высветліла, хто яна была - дай ёй, Божа, Царства Нябеснае!) дала яна мне трэці хлеб з канца. Пакуль дайшлі да Рудоў, з'елі яго з дзедам (Казачонкам), нават не заўважылі! У Рудах (гэта вёсачка на Талі была, недалёка ад суцінскага маста, цяпер яе ужо няма, адны грушы-дзічкі засталіся на тым месцы) зноў прасілі хлеба, далі і там кавалачак. Дзіўлюся, што я - вясковая дзяўчынка, сарамлівая вельмі, не саромелася жабраваць тады хлеб. Гэта такая галодная была, што на сорам забылася! Прыйшлі дамоў, а там у мамы грэчкавы суп з некалькімі бульбінамі. І такі смачны! (Пра мяса і гутаркі не было!) Маці ўсё сама сеяла ўручную: і грэчку, і проса. І бульбу сама садзіла. Усё на крупы. Хлеба не было." * * * А тады, гадоў каля ста назад, чым была фатаграфія? Напэўна, яна была вялікай каштоўнасцю. Дзень, у які людзі фатаграфаваліся, яны лічылі святочным. Заўсёды апраналі самае лепшае і прыгожае з таго, што ў іх было (з дапамогай гэтай інфармацыі можна прасачыць за тым, як змяняліся паставы, адзенне, позірк людзей таго часу). Калі глядзіш на фотаздымак тых часоў, то бачыш у гэтых людзей такія глыбокія вочы, такі пранізваючы позірк, быццам яны нам нешта хочуць сказаць. * * * У 1948 годзе да Любові Іванаўны ў прымы прыйшоў Панятоўскі Стась. Ён нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Суцін Пухавіцкага раёна і паходзіў са шляхты. Быў добрым кавалём, тынкоўшчыкам. Быў на вайне. Захавалася яго фота (фатаздымак 4), зробленае ў студзені 1945 года ў горадзе Саратаў. На ім гэты мужны баец глядзіць на нас вачамі, якія ведаюць, што савецкі народ перамог у гэтай страшнай вайне. Ён упэўнены ў сабе, не баіцца таго, што чакае яго наперадзе. "Ажаніліся мама са Стасем ў 1948 годзе. Ён працаваў кавалём, зарабляў 50 рублёў. Тады ўжо ў Мінску можна было купіць хлеба. Станіслаў ездзіў у Мінск ("Дзякуй яму!") - да Талькі пехатой (кіламетраў 20), потым на цягніку 90 км, а там стаяў у вялізнай чарзе, на рукі давалі па адной буханцы. За суткі можна было выстаяць дзве-тры такія чаргі. У чарзе стаялі і ноччу, спалі проста на сваім мяшку. За тыдзень айчым купляў мех хлеба і прывозіў яго ў Шэлехаў. У 1953 годзе становішча палепшылася. Мы ўжо трымалі трох парсюкоў. Але Хрушчоў загадаў трымаць толькі аднаго, а астатніх - у калгас. Пагэтаму двух парсюкоў зарэзалі." Але ўжо бачна, што жыццё ў вёсцы паляпшаецца. За гэтым можна прасачыць на фотаздымку (фота 5) 1957 года (вяселле ў сяброўкі Ганны Язэпаўны Соф'і Гоман у вёсцы Шэлехаў). Тут добра паказана жыццё вёскі ў той час. Мусіць, гэта вясна, бо на першым плане знаходзіцца лужына. У цэнтры стаяць госці з маладымі, а за імі - адзінокая хата і лес. Большасць мужчын апранута ў кашулі і пінжакі, а штаны запраўлены ў боты. Адзін жаніх стаіць у гальштуку (гэта для яго не абы-які дзень!). Жанчыны апранулі блузкі і спадніцы ніжэй калена, а маленькія дзяўчаткі - сукеначкі і белыя шкарпэткі. Усе вясёлыя, усім добра, бо жыць стала лягчэй. На фота (8) 1954 года Любоў Іванаўна ў белай кашулі, з сынам Валодзем на руках. Усе апрануты ў крамную адзежу, абутыя ў скураны абутак, нават малыя. Аня стаіць паміж мамай і сваячкай, ёй 13 год. "За 10 гадоў мама нарадзіла сем дзяцей. З-за голаду з іх чатыры памерла, а тры засталіся жывымі (гэта сыны Валодзя, Коля і Віця). Пакуль маці карміла дзіця грудзьмі, яно жыло, а як адымала ад грудзей, то памірала." Сама Ганна ў той час заканчвала 7 класаў Суцінскай школы. Добра памятае сваіх настаўнікаў: Ганну Скіндэр (Татур), Савельевых, Перапечку. "Дзякуй ім усім за навуку!"- прамовіла Ганна Язэпаўна. "Летам працавала на палявых работах, даглядала каксагыз (расліна, з соку якога рабілі гуму). У 16 год пайшла з айчымам Панятоўскім у Мацеевічы даглядаць цялят. Уставалі рана, каб ужо ў 6 гадзін раніцы карміць жывёлін. А было ў нас ажно па 200 цялят! За тое плацілі нам па 60 рублёў. Папрацавалі мы там 7 месяцаў. Потым пайшла я працаваць на пякарню ў Суцін, пасля на малочную ў Суцін, дзе перапрацоўвалі малако бруцэлёзных кароў (бруцэлёз - хвароба касцей, заразная). Сепаратар-стэрылізатар аддзяляў смятану ад малака. Я ж ніколі гэтай смятаны не ела, баялася заразіцца! Але косткі сёння мае баляць, з кійком во хаджу, напэўна, ўсё ж гэта праца паўплывала на маё здароўе. Затым пайшла працаваць у дзіцячы садок. Спачатку прала бялізну, а потым была загадчыцай гаспадаркі. Усюды ўжо плацілі грашыма." Пазнаёмілася яна з Карповічам Юзікам. Ён летам прыязджаў у Пушчу, да маці. А яна тады жыла ў Шэлехаве. Адзін аднаго бачылі, але ніколі не размаўлялі. А пазнаёмілі іх агульныя сябры. І ўжо ў 1962 годзе яны ажаніліся. Сам ён з Пушчы - вёска ў Пухавіцкім раёне, недалёка ад Мацеевічаў. Там і нарадзіўся ў 1935 годзе. Захаваўся фотаздымак (фота 6), зроблены ў 1939 годзе, яго з матуляй і трыма братамі. Яны апрануты чысценька, па-святочнаму. Ва ўсіх адзенне зрэбнае, толькі ў старэйшага хлопчыка і ў мамы яно куплена ў краме. У абодвух малодшых хлопцаў ногі босыя, а маці і старэйшыя - ў чаравіках. Тут яны такія насцярожаныя, безабаронныя. Міжволі думаеш, гледзячы на гэты здымак: што чакае іх у будучым? Юзік служыў тэрміновую службу ў Ленінградзе (фота 7), застаўся там у ФЗУ, атрымаў прафесію будаўніка і паехаў працаваць у Мурманскую вобласць на шахты, дзе здабывалі калійную соль. Пражыў там 5 год, першая яго жонка памерла, засталася 3-хгадовая дачка, Ларыса. Юзік забраў Ганну ў Мурманскую вобласць, у пасёлак Афрыканда. Пажылі там нядоўга, бо хацелася вярнуцца на Радзіму. Тады яны пачулі, што ў Салігорску адкрылі калійныя ўгнаенні і што туды набіраюць рабочых. Адразу і паехалі туды. У 1965 годзе муж пачаў працаваць на 2 калійным камбінаце. А Ганна працавала на салігорскай птушкафабрыцы. Пра яе добрую працу напісалі ў газеце "Шахцёр" у 1976 годзе. "Ларысу я любіла, як сваю родную,"- кажа Ганна Язэпаўна. Яна падрасла і паступіла ў педвучылішча. Скончыла яго і зараз жыве ў Бабруйску, мае двое дзяцей і нават унукаў. У Ганны і Юзіка нарадзіўся Руслан ў 1966 годзе. Ён закончыў тэхналагічны інстытут, працуе хімікам-тэхнолагам у Мінску. "На пенсію: я пайшла ў 1995, а Іосіф у 1990 годзе. Абмянялі кватэру ў Салігорску на кватэру ў Мар'інай Горцы ў 1994 годзе, каб бліжэй жыць да маёй матулі. А яна ўжо жыла ў Тальцы. Панятоўскі на заробленыя грошы купіў лес, з якога пабудаваў хату ў Шэлехаве. А ў 1987 годзе яны перавезлі гэтую хату з Шэлехава ў Тальку. Вось на гэтым фотаздымку (фота 10) яна ўжо бабулька 69 гадоў. Але ўсё тая ж працавітая, простая, амаль неадукаваная, але па-свойму разумная жанчына. На жаль, памерла ў1 994 годзе. А зараз я жыву ў той самай хаце ў Тальцы, дзе жыла мая мама. І пішу такія вершы: …Беларусь, ты наша родная, Ты яднаеш народы ўсе. Тое гора пасляваеннае Смутак, боль яшчэ нясе… " Ганна Восіпаўна пяе нам песні, што яна навучылася ад сваёй мамы: "Пасею я гурочкі", а таксама свае ўласныя песні - яна сама піша вершы і мелодыі. * * * А кім быў тады фатограф? Мусіць, гэта майстар сваёй справы, гэта сведка тых часоў, гэта гісторык. Калі ён фатаграфаваў людзей, яны думалі, што на іх глядзіць не адзін фатограф, а ўвесь свет. Па гэтаму яны так беражліва адносіліся да фатаграфавання, а пасля і да сваіх фотаздымкаў. Гэта ёсць асобая культура. Напэўна, сёння і мы павінны так жа адносіцца да тых фотаздымкаў, каб перадаць гэту культуру другім пакаленням. Гісторыя праз фатаграфіі не такая, як нейкая іншая гісторыя. Яна быццам выразае пэўны кавалак жыцця чалавека. Усе тыя фатаграфіі напоўнены жыццём. Яны жывыя, значыць і гісторыя гэта жывая. Дык давайце ж захоўваць і берагчы тую жывую гісторыю!!! Выкарыстаныя матэрыялы: успаміны і фотаздымкі з сямейнага архіву Карповіч Ганны Язэпаўны. уверх |
||||