![]() |
|||||
| |||||
![]() Працы вучняў пра край Талькаўскі край у гады вайны |
Конкурсная даследчая працаТалькаўскі край у гады вайныМарцінчык Анастасія, вучаніца 10 класа Ільініч Наталля Валянцінаўна, кіраўнік краязнаўчага гуртка Праца створана на аснове ўспамінаў жыхароў краю, запісаных вучнямі Талькаўскай школы ў час падрыхтоўкі да школьнай краязнаўчай канферэнцыі "Вайна вачыма маіх аднавяскоўцаў". Талька пад нямецкай акупацыяйПухавіцкі раён у час нямецкай акупацыі адышоў да зоны тылу групы армій "Цэнтр", гэта значыць, што тут было ваеннае кіраванне. Уся ўлада канцэнтравалася ў руках начальніка тылавога раёна. На месцах стваралася мясцовая ўлада - валасныя ўправы, прызначалі старастаў па вёсках. У Тальцы быў нямецкі гарнізон, у якім размяшчалася каля 300 немцаў (магчыма, італьянцаў, - у музеі ёсць італьянская каска). Жылі яны ў 2-павярховіку ля станцыі, у будынку школьнага інтэрната, а потым у школе, калі яна перастала працаваць. Галоўнай іх задачай была ахова чыгункі. Для аховы чыгуначнага маста праз Таль быў пабудаваны блок-пост. Паліцэйскі гарнізон налічваў 30-40 чалавек, размяшчаўся ён ля пошты, у доме Рашала. Начальнікам паліцыі быў Васіль Кульбіцкі са Слабодкі, а яго намеснікам Ажар. У паліцыю пайшлі прыпіснікі (былыя чырвонаармейцы, якія, каб выратавацца, прыпісваліся з дазволу ўлад у якую-небудзь сям'ю), а таксама мясцовыя людзі: Кароткі, два браты Сіняўскія, Сцяпура, Грудзін Мікалай, Траццяковіч і іншыя. Бургамістрам ці старастам быў назначаны Маланка (забіты пазней партызанамі) з Весалова. Валасная ўправа знаходзілася ў доме насупраць аптэкі. У тых будынках, дзе цяпер бальніца, фашысты зрабілі лагер для ваеннапалонных. Гэтае месца было абцягнута калючым дротам, ахоўвалася немцамі і паліцэйскімі. Палонных ганялі на працу, амаль не кармілі і яны пакутліва паміралі з голаду. Кульбіцкая Тамара Мікалаеўна са Слабодкі ўспамінала, што бачыла, як іх целы прывозілі на могілкі на санях і баграмі сцягвалі ў ямы. Сцвярджала, што ў кожнай з брацкіх магіл іх ляжаць дзесяткі, а можа і сотні. У адпаведнасці з планам "Ост" на Беларусі планавалася 75% насельніцтва знішчыць ці выселіць за Урал, а астатніх 25% зрабіць абслугай для вялікай арыйскай расы. Безумоўнаму знішчэнню падлягалі яўрэі, цыганы, камуністы, афіцэры Чырвонай арміі. 22 верасня 1941 года 280 талькаўскіх і суцінскіх яўрэяў былі расстраляныя ў лесе за Таллю. З гета ўцёк толькі Ара Дрэйзін. Поўны спіс закатаваных невядомы і да сённяшняга дня. Афіцэры Чырвонай арміі Ульмясаў і Перагуд прыйшлі ў Тальку, бо адсюль родам былі іх жонкі. Ульмясаў Карым быў палітруком Чырвонай арміі у ваеннай часці Лапічы, а жанаты быў з Янінай з дому Качураў, яна жыла ў Тальцы ў бацькоў з двума маленькімі дзецьмі. Усіх мужчын немцы сабралі ля кладбішча, загадалі камуністам і афіцэрам выйсці ўперад 3 крокі. Так Ульмясава і Перагуда арыштавалі і расстралялі. Целы іх родныя знайшлі ў канаве каля школы і пахавалі на могілках. Іх магілы і імёны вядомыя. А вось імёны некалькіх соцень ваеннапалонных, пахаваных у брацкіх магілах, невядомыя. У першыя ж дні вайны на школьным двары быў павешаны і камуніст Бірыла, дырэктар Талькаўскай школы. Калгас першы год у Тальцы акупанты не распускалі, а прадукты працы калгаса забіралі сабе. Пазней калгас быў распушчаны, а зямлю і маёмасць раздалі людзям. Кожны, хто атрымаў зямельны пай, мусіў здаваць падатак прадуктамі. Расказваюць пра такі выпадак. У сельмаг людзі звозілі падатак збожжам. Прывёз збожжа з Арэшкавічаў Ліннік, а ў гэта збожжа падклаў міну. То сельмаг узарваўся і збожжа, якое фашысты збіраліся везці ў Германію, згарэла. Немцы з'явіліся ў Тальцы 29 чэрвеня, у нядзелю, на сёмы дзень вайны. Прыехалі на аўтамабілі студэбекеры, апранутыя ў чорную форму. Забягалі ў двары і гаварылі: "Матка, яйка, матка, сала." Школы ў нашым краі першы год вайны працавалі. Настаўнікі былі тыя ж, падручнікі таксама. Толькі загадалі з падручнікаў выкрасліць тыя месцы, дзе пісалася пра Сталіна. У настаўніцкай на сцяне вісеў партрэт Адольфа Гітлера. Потым школа перастала працаваць, бо настаўнікам перасталі плаціць грошы. У Суцін у 1943 годзе прывезлі роту італьянцаў і пасялілі ў будынку школы. Партызаны з-за гэтага падпалілі драўляны будынак і новенькая школа, пабудаваная ў 1930-ыя гады, дашчэнту згарэла.
Вучні Талькаўскай школы гуляюць у валейбол на школьным двары. 1941 г. Людзей ганялі на работу на чыгунку. Немцы спачатку не маглі выкарыстоўваць чыгунку, бо іх каляя была вузейшая. Некаторы час яны перараблялі рэйкі на свой стандарт, для гэтага ганялі на працу талькаўскіх людзей. Моладзь прымушалі ехаць на работу ў Нямеччыну. Маладым людзям было прапанавана будаваць там новую Германію. Але ахвотных не было. Прымусова вывезлі Захараву Веру, Каралькову Яўгенію, Славінскую Таццяну, Кульбіцкую Тамару, Стоку Мікалая. Каб пазбегнуць вывазу ў Нямеччыну, некаторыя жаніліся, бо жанатых не бралі. Так, па сведчанню Навасад Клаўдзіі Мікалаеўны, менавіта з-за гэтай прычыны ў 16 год яна выйшла замуж за сваяка Леаніда Мікошу. Усяго з Талькаўскага сельсавета на прымусовыя работы было вывезена 74 чалавекі, з іх вярнулася дамоў 57. (Памяць. Пухавіцкі раён с. 208 ). Асабліва цяжка жылося людзям у лясных вёсках, куды часта наведваліся партызаны. Днём прыязджалі немцы і паліцаі, патрабавалі прадукты, кажухі. А ноччу прыходзілі партызаны, якіх таксама трэба было карміць, апранаць. А потым немцы каралі гэтых людзей "за сувязь з партызанамі". Так была цалкам спалена разам з людзьмі вёска Беразянка, напалову карнікі спалілі Блужскі Бор. Моцна пакутавалі жыхары вёсак Дзям'янаўка, Насыцк, Весалоў, Суцін, Мацеевічы, Шэлехаў. Калі наступала Чырвоная армія, каб вызваліць Тальку, то ў гэты дзень 2 чэрвеня 1944 года немцы і паліцаі спалілі Слабодку. Тамара Мікалаеўна Кульбіцкая сцвярджала, што загадаў гэта зрабіць стараста Васіль Кульбіцкі. Так ён помсціў жыхарам Слабодкі за тое, што яны расцяглі дабро, нарабаванае ім у яўрэйскіх хатах на мястэчку. Так згарэла ў самы апошні дзень нямецкай акупацыі Слабодка. Жыхары гэтай вёскі перасяліліся Ў Тальку, у дамы забітых немцамі яўрэяў. Крыніцы: 1. "Памяць." Пухавіцкі раён. Мінск, 2003 г. 2. Успаміны Кульбіцкай Тамары Мікалаеўны, Навасад Клаўдзіі Мікалаеўны, Аляшкевіча Станіслава Паўлавіча, Злобіча Мікалая Цітавіча, Бортнікава Міхаіла Ігнатавіча, запісаныя сябрамі краязнаўчага гуртка. Лёс талькаўскіх яўрэяўУ Тальцы было шмат яўрэйскіх сем'яў. У першыя дні акупацыі фашысты сагналі ўсё яўрэйскае насельніцтва ў гета - летнія пабудовы піянерскага лагера за ракой Таллю. Адсюль іх ганялі на прымусовыя работы. Суседзі прыносілі ім есці. 22 верасня 1941 г. фашысты і паліцаі ўсіх іх расстралялі.
Тут за Таллю ў пабудовах піянерскага лагера было гета Расказвае жыхарка Талькі Таццяна Антонаўна Славінская, 1924 года нараджэння: "Немцы і паліцаі пагналі іх у лес, заставілі рыць яму. Потым жывых застаўлялі класціся ў гэтую яму тварам уніз - і стралялі". Як гэта магло быць? Чалавек не можа гэтага ўявіць, а яго розум - зразумець. Пад гэтым грудком у адной магіле ляжаць 280 чалавек. Толькі у 1970-80-я гг. прыватным чынам з'явіліся адзін за адным 4 сціплыя помнічкі. Вось надпісы на іх: "Вечная память семье Меламед, Розин, Кац, убитых фашистами 22 сентября 1941 года". "Зубаревы Исаак Беркович, Бася Юделевна, Елизавета Исааковна и всем родственникам, расстрелянным фашистами 20.ІХ.41 г. От сына, брата и его семьи". "Вечная память 280 жителям д.Тальки, в том числе моим братьям М. Х. Прусс и Л. Б. Цивину и их семьям, расстрелянным немецкими захватчиками в сентябре 41 года. От генерала Прусс". "Семье Фрумкиных, убитых фашистами 22.ІХ.1941 года. Вечная память".
Яўрэйская магіла Мы не змаглі знайсці поўнага спісу тых, хто ляжыць пад гэтым грудком. Няма яго ні ў сельсавеце, ні ў раённым краязнаўчым музеі. Патрэбны пошукі ў архівах, мы спадзяемся, што яшчэ ўзновім гэты поўны спіс. У Талькаўскім школьным краязнаўчым музеі ёсць спіс частковы. У ім толькі старэйшыя сем'яў, ды і то не ўсе - 148 чалавек са 280-ці пахаваных. Акрамя талькаўскіх у гэтай магіле ляжаць яшчэ і суцінскія яўрэі. Спіс яўрэйскіх грамадзян мястэчка Талька, расстраляных фашыстамі ў верасні 1941 года:1. Цукерман Залман Ільічоў 1880 г. н. (душ у сям'і - 4), 2. Рашал Гершун Вольфавіч 1890 г. н. (4), 3. Слуцкін Шолам Беньямінавіч 1885 г. н. (5), 4. Рашал Леў Абрамавіч 1882 г. н. (2), 5. Серман Рахіль Барысаўна 1882 г. н. (5), 6. Турэцкі Хая 1885 г. н. (1), 7. Кацман Абрам Саламонавіч 1899 г. н. (4), 8. Шапіра Залман Ісаакавіч 1890 г. н. (2), 9. Дрэйзін Абрам Барысавіч 1891 г. н. (5), 10. Турэцкая Лея Аронаўна 1890 г. н. (1), 11. Кацнельсон Якаў Барысавіч 1892 г. н. (3), 12. Цывін Леў Якаўлевіч 1892 г. н. (3), 13. Дрэйзін Арон Барысавіч 1898 г. н. (3), 14. Пінхасік Майсей Рабінавіч 1890 г. н. (2), 15. Пейсаховіч Барыс Барысавіч 1888 г. н. (3), 16. Шніпер Якаў Барысавіч 1895 г. н. (2), 17. Шніпер Соф'я Іршаўна 1888 г. н. (3), 18. Слуцкін Леў Беньямінавіч 1892 г. н. (3), 19. Левін Самуіл Абрамавіч 1889 г. н. (4), 20. Рашал Эля Абрамавіч 1887 г. н. (4), 21. Прус Меер Львовіч 1893 г. н. (4), 22. Кац Абрам Абрамавіч 1895 г. н. (2), 23. Ліфшыц Міра Давыдаўна 1882 г. н. (1), 24. Розін Барыс Абрамавіч 1898 г. н. (4), 25. Кабахоў Ізраіль Аронавіч 1891 г. н. (5), 26. Кабахова Броха Аронаўна 1891 г. н. (1), 27. Зубараў Лазар Абрамавіч 1892 г. н. (3), 28. Зубараў Саламон Абрамавіч 1887 г. н. (4), 29. Шмідт Яхнэн Майсеевіч 1894 г. н. (7), 30. Зубараў Абрам Барысавіч 1897 г. н. (4), 31. Зубараў Ісаак Барысавіч 1886 г. н. (3), 32. [?] Ісаак Абрамовіч 1892 г. н. (4), 33. Розін Лева Абрамавіч 1895 г. н. (4), 34. Левін Арон Саламонавіч 1887 г. н. (6), 35. Ліфшыц Саламон Барысавіч 1894 г. н. (4), 36. Пердыман Якаў Ільіч 1896 г. н. (2), 37. Ліпман Меер Ісаакавіч 1893 г. н. (4), 38. Розін Айзен Барысавіч 1892 г. н. (1), 39. Марошык Абрам Ісаакавіч 1889 г. н. (5), 40. Капілевіч Якаў Аронавіч 1894 г. н. (4), 41. Цукерман Ілья Залманавіч 1893 г. н. (4), 42. Эльперын Беньямін Якаўлевіч 1892 г. н. (4), 43. Старкштэйн Сямён Іосіфавіч 1890 г. н. (4), 44. Шніпер Ісаак Ізрфілавіч 1872 г. н. (2). Расказвае жыхарка Талькі Ларыса Аляксандраўна Тужык, 1938 года нараджэння: "Мой бацька Аляксандр Доўнар гаварыў, што гета не вельмі ўжо моцна ахоўвалася, можна было ўцячы. Казаў, што прапаноўваў сваім знаёмым мужчынам-яўрэям уцякаць у лес, да партызан. (Але ж партызан у талькаўскіх лясах у верасні 1941 г. яшчэ не было!) На гэта адзін з іх адказаў, што ён баіцца партызан, яны яго заб'юць, сам жа ён ваяваяць, страляць не ўмее. Уцёк у лес толькі адзін чалавек - Арачка, Ара Дрэйзін. Некалькі месяцаў ён хаваўся ў лесе, але потым усё ж яго злавілі паліцаі і забілі. Я памятаю, як яго параненага везлі на падводзе па мястэчку, і з рота ў яго ішла крывавая пена. Пахавалі яго, кажуць, на ўскрайку Церабутаў". З успамінаў Станіслава Паўлавіча Аляшкевіча, 1922 года нараджэння, жыхара в. Рудня: "На Рудні жылі Беня Фрумкін са сваёй жонкай Златай. У іх было 11 дзетак і смалакурня. З гэтай смалакурні і жылі. Вось тут стаяла вялізная печ з катлом. Прывозілі з лесу сасновыя карчы, закідалі ў кацёл, варылі смалу і шкіпінар. Бедна жылі. Дачка Фрумкіных Хана ўцякла з гета, дык яе ў Асіповічах немцы злавілі і забілі. А вось хлопчык Нохім выратаваўся - уцёк да партызанаў, потым жыў на Украіне, потым у Мінску. Прыязджаў на Рудню з жонкай Галяй, з дзецьмі ў госці да Мікалая Кульбіцкага, свайго сябра дзяцінства. Змяніў сваё імя і прозвішча - стаў Міхаілам Кульбіцкім". У Тальцы жылі беларусы з яўрэямі мірна. Яўрэі сталі беларусам сваімі. Шмат хто з беларусаў жаніліся з яўрэйкамі, перамяшаўся побыт, нараджаліся дзеці ад змяшаных шлюбаў - мяшанцы. Многія з іх загінулі тады, а некаторых выратавалі. Так, чыгуначнік Ігнат Мурач выкупіў у паліцаяў унука Валодзю за залатую царскую манету, а нявестку Раю забілі. Усе ведалі ў Тальцы доктара Таццяну Аляксандраўну Ждановіч (з дому Яўсейчык). Яе брат быў жанаты з Соняй Гурман. Соня загінула, а дваіх яе дзетак - Шуру і Мішу - Таццяна Аляксандраўна здолела выратаваць - і выгадавала. Нават малаком сваім карміла. Вось так перапляліся лёсы яўрэяў і беларусаў у Тальцы. У ХІХ ст. у мястэчку Талька жыло толькі іудзейскае насельніцтва, а хрысціяне - у Слабодцы і Рудні. А сёння ў Тальцы няма ніводнага яўрэя. Вайна цалкам змяніла этнічную сітуацыю ў нашай вёсцы. Крыніцы: 1. Успаміны Стронгіна Сямёна Лёкумавіча, Славінскай Таццяны Антонаўны, Лагунчык Тамары Антонаўны, Аляшкевіча Станіслава Паўлавіча, Тужык Ларысы Аляксандраўны. 2. Ільініч Наталля "Талька і наваколлі". Талькаўскія падпольшчыкі і партызаны
Талькаўскія хлопцы. Іван Пятроўскі справа. Фота даваеннае. Учарашнія вучні Талькаўскай школы Іван Абрамовіч, Аляксандр Пармон, Мікалай Паўловіч, Уладзімір Кушнерчык, Галіна Бірыла, Іван Пятроўскі, Мікалай Кульбіцкі, Мікалай Стока спрабуюць стварыць антыфашысцкую падпольную арганізацыю. Пазней да іх далучыліся Зінаіда Акульчык, Мікалай, Пётр і Васіль Кульбіцкія, Эма Лысакоўская. Маладыя людзі збіралі зброю і боепрыпасы, медыкаменты для партызан. Коратка запісвалі пачутае і распаўсюджвалі ў выглядзе лістовак па вёсках. Перадавалі партызанам звесткі пра фашысцкія гарнізоны ў Тальцы і Блужы, пра сістэму аховы мастоў праз раку Таль. Большасць з патрыётаў былі закатаваныя немцамі ці загінулі ў партызанах.
Іван Пятроўскі - адзін з арганізатараў талькаўскага антыфашысцкага падполля - стаіць у другім радзе злева. 1950-ыя гг. У раёне ракі Балачанкі дзейнічала партызанская брыгада "Полымя". Яе камандзірам быў Яўгеній Фёдаравіч Філіпскіх. Віктар Гіліцкі, Анастасія Уладзіміраўна Баешка, Мікалай Цітавіч Злобіч, Уладзімір Казіміравіч Шпілеўскі, Тамара Мікалаеўна Марцінчык, Міхаіл Конанавіч Ліннік, Антон Фёдаравіч Філановіч - гэтыя і іншыя жыхары Талькі, Насыцка, Арэшкавічаў былі партызанамі брыгады "Полымя".
Віктар Гіліцкі - камандзір партызанскага атрада "Слава" брыгады "Полымя", у цэнтры Анастасія Баешка, партызанка гэтага атрада. Талька, 1950-ыя гг. За Суціным размяшчалася 2-я Мінская брыгада, у яе пайшлі хлопцы са Слабодкі і Весалова: Станіслаў Аляшкевіч, Мікалай Косак, Мікалай і Пётр Кульбіцкія. У час вайны талькаўскі доктар Таццяна Аляксандраўна Ждановіч лячыла людзей, дапамагала партызанам: перадавала медыкаменты. Вясной 1943г. яе арыштавалі па падазрэнню ў сувязі з партызанамі. Таццяна Аляксандраўна трапіла ў гестапа ў Асіповічы з двухгадовым сынам. Яўген Аляксандравіч расказвае: "Хаця мне было ўсяго 2 гады, мне здаецца, я помню гэтую турму. Мама казала: "Ты не можаш гэтага помніць!" Калі трошкі падрос, я намаляваў ёй вартавую вышку, нямецкую форму, кулямёт і браму. Я дагэтуль не разумею, як мы засталіся жывыя. Як увогуле ў яе хапіла мужнасці дапамагаць партызанам і быць ўрачом у такіх абставінах." Іх арыштавалі траіх у Тальцы: Таццяну Аляксандраўну, Аляксандра Доўнара і яшчэ аднаго чалавека. Бабулі Агрыпіне Яўсейчык удалося выкупіць маленькага ўнука. На самым пачатку зняволення Таццяне Аляксандраўне ўдалося перакінуцца, кароткай фразай з Аляксандрам Доўнарам: "Не сазнаюся!" Трэці чалавек расказаў немцам, што атрымліваў лекі і перавязачныя матэрыялы ад ўрача і перадаваў іх Аляксандру Доўнару, які дастаўляў усё ў партызанскі атрад. Таццяна Ждановіч і Аляксандр Доўнар усё адмаўлялі. І іх адпусцілі! Ганна Восіпаўна Карповіч (з дому Цвіркаў), нар. 1941 года, жыхарка вёскі Талька расказвае пра тое, як загінуў яе бацька. "Наша сям'я жыла ў вёсцы Шэлехаў. У вайну партызаны прыходзілі да дзеда Анісіма і ўсё, што было, забіралі сабе. Аднойчы дзед вырашыў закапаць у зямлю хлеб, адзенне, абутак, каб партызаны не забралі. А яны прыйшлі, перакапалі ўсё, знайшлі, што шукалі, ды яшчэ забралі да ўсяго гэтага бочку са збожжам і посуд. " Гнаць вас у шыю, працаваць на полі!"- сказаў дзед, выганяючы партызан. "Як яны яго не забілі? Вось жа нешта стрымала іх," - кажа Ганна Восіпаўна. Пасля гэтага мой бацька - Язэп Анісімавіч Цвірка - ішоў ад сястры з Пабокавіч у Шэлехаў цераз Тальку. Там яго у лесе сустрэлі партызаны 9напэўна, тыя самыя, што рабавалі дзеда) і забілі. За што? Адпомсцілі, што дзед так сказаў партызанам. Забойцы забралі ў бацькі 2 кавалкі мыла, што ён нёс з сабою". Расказвае Гіліцкая Валянціна Уладзіміраўна, жыхарка вёскі Паддзягцярня: "Немцы прымушалі з нашай вёскі мужчын дзяжурыць на чыгунцы па начах, ахоўваць палатно ад партызан. Мой тата Рыжанкоў Цімафей Іванавіч таксама ахоўваў чыгунку. Аднойчы на яго ўчастку ён дазволіў партызанам падкласці міну і эшалон нямецкі ўзарваўся. Немцы схапілі, павезлі яго ў турму ў Асіповічы, білі, але ён не прызнаўся, што гэта ён дазволіў падкласці ля рэек выбухоўку. Маўляў, не дагледзеў. А калі такі ж выпадак адбыўся другі раз на яго дзяжурстве, то ўжо з Асіповіч ён не вярнуўся, расстралялі яго ў Цяплухах за дапамогу партызанам. А што яму было рабіць? Каб не дазволіў партызанам зрабіць дыверсію, дык забілі б партызаны." Крыніцы: 1. Ільініч Наталля "Талька і наваколлі", Мінск, 2004. 2. Успаміны Ждановіча Яўгена Аляксандравіча, Карповіч Ганны Восіпаўны, Гіліцкай Валянціны Уладзіміраўны, запісаны вучнямі Талькаўскай школы, сябрамі краязнаўчага гуртка. Вайна вачыма Яна Віктаравіча Корзюка
Сям'я Корзюкаў. Суцін, 1970-ыя гг. Нарадзіўся Ян Віктаравіч Корзюк у вёсцы Суцін у шляхецкай сям'і ў 1926 годзе. Гэта сям'я Корзюкаў была незвычайная. Сярод удзельнікаў паўстання 1863г. супраць расійскага царызму знаходзім імя Франца Корзюка, 25 год. Ён быў адзін з шасці маладых людзей з аколіцы Суцін, што пайшлі ў атрад Станіслава Ляскоўскага, які дзейнічаў у Ігуменскім павеце. За ўдзел у паўстанні 22 шляхецкія сям'і з Суціна выслалі па загаду Мураўёва ў Томскую губерню. У гэтым спісе знаходзім пад нумарам 17 сям'ю Корзюкаў: "Дворянин Франц Антонов Корзюк, 25 лет, жена его Анна 20 лет, дочь Анюта 1 год, Франца сестра Антонина 27 лет, её сын Игнатий 2 года, Аполлинарий 3, брат Иосиф 20 лет"( "Талька і наваколлі", с. 105). Вось так сям'я Корзюкаў у поўным складзе была сарваная з роднага Суціна. Мы мяркуем, што гэта былі продкі Яна Віктаравіча. Некаторыя з сасланых суцінцаў у канцы XIX cтагоддзя вярнуліся дамоў. У 1890 г.ужо ў Суціне ў сям'і Корзюкаў нарадзіўся хлопчык Вінцэсь (Віктар). Сям'я была вялікая - 9 дзяцей, чацвёра хлопцаў і пяць дзяўчат. А зямлі было ўсяго 16 дзесяцін. У 7 год Віктара аддалі вучыцца ў школу ў вёску Жыцін, а потым яшчэ на дзве зімы ў Блонь. У 1912 годзе яго прызвалі ў армію. У Мінску закончыў школу сяржантаў, а тут і першая сусветная вайна пачалася. На фронт быў накіраваны ва Ўсходнюю Прусію і там трапіў у палон. У палоне працаваў у баўэра аж да 1921 года: даглядаў скаціну, касіў, араў. Толькі ў 1921 годзе па Балтыйскім моры праз разбураны Петраград вярнуўся дамоў. Тут, у Суціне абралі Віктара старшынёй сельсавета, прарабіў два гады, потым кінуў, бо загадвалі забіраць скаціну ў людзей. Не падабалася гэта бацьку Яна Віктаравіча, таму перайшоў у сельскую гаспадарку працаваць. Прыстаў у прымы да Мальвіны Скіндэр (з дому Вярыгаў, з Рэпішча). У яе было ўжо 2 хлопчыкі- Пётр і Франц.А першы муж юнай удавы Ян Скіндар быў расстраляны бальшавікамі ў Ігуменскім астрозе ў 1920г. За тое, што быццам бы "хацеў стварыць польскую партыю", калі была савецка- польская вайна ў 1919-1920гг. У Мальвіны і Віктара нарадзіліся Ян, а потым двойня Вікця і Стась (памерлі малыя), потым Віктар (жыў у Растове-на-Доне, памёр у 1995 годзе). З імі яшчэ жыў бацька першага мужа Мальвіны - Уладзіслаў Скіндэр. "Дзед Уладка, - ласкава ўспамінае Віктар Францавіч,- быў душой сям'і. Раіў бацьку па гаспадарцы, дапамагаў чым мог". Памёр Уладка ў 1934 годзе. Вось такая вялікая дружная сям'я. Ян Віктаравіч смяецца: "Толькі ў 7-ым класе задумаўся, чаму гэта ў старэйшых братоў Пятра і Франца прозвішча Скіндэры , а ў мяне і малых Корзюк. Відаць, бацька не дзяліў дзяцей на сваіх і чужых, да ўсіх ставіўся аднолькава, з любоўю." Жылі на хутары на Птычы, бо яшчэ да нараджэння Яна ў 1925г. пераехалі туды. Калі ў Суціне пачалася калектывізацыя, іх сям'і дазволілі жыць на хутары, бо бацька касіў сена, а зімой яго старажаваў для калгаса, і за гэта лічылася, што ён калгаснік. У іх была невялікая гаспадарка: 2 каровы, з 10 калод вулляў, таксама сеялі бульбу, жыта, грэчку. Брат Пётр працаваў трактарыстам, а потым шафёрам. Сам Ян летам пасвіў калгасных цялушак- 53 галавы. Адзежу маці ткала сама. "Спачатку новую, як апранеш - жорстка, а пасля таго, як пасціраюць бялізну 2-3 разы,- мякка."Ужо ў 1939г. пачалі сцягваць хутары. Нам выдзелілі 60 сотак зямлі у Суціне, дапамог калгас перавезці хату і іншыя збудаванні ў вёску, далі для гэтага 10 падвод. За працу ў калгасе давалі жыта, бульбу- жылося някепска"- успамінае Ян Віктаравіч. У 1941 годзе Ян скончыў 7 класаў і збіраўся паступаць у тэхнікум на настаўніка, як старэйшы брат Франц, але не паспеў, бо пачалася вайна. У канцы чэрвеня 1941 года немцы прыйшлі ў вёску. У тым чэрвені, яшчэ да немцаў, Ян хадзіў капаць меліярацыйныя канавы, за гэта атрымаў 150 кг жыта і яны выратавалі сям'ю ад галоднай смерці ў пачатку акупацыі. Спачатку новыя ўлады не распускалі калгасы. Немцы загадалі выбраць старшыню і бургамістра. Ян Віктаравіч успамінае: "Сабраўся сход ў школе, бацька не хацеў ісці і паслаў на яго мяне. Прыйшоў я, сеў на апошні рад і слухаю.Абралі старшынёю калгаса Анціка Панятоўскага, а яго намеснікам Антося Міцкевіча Пачалі абіраць бургамістра.Той не можа, той не хоча. Нехта сказаў:" Няхай Віктар Корзюк будзе, ён жа ў тую вайну быў у палоне і ведае нямецкую мову." Усе пагадзіліся. Хацеў я сказаць , што мой бацька не згодзіцца, але мяне ніхто не паслухаў, нават прыкрыкнулі: "Маўчы, малы, не твая справа." Прыйшоў я дамоў, паведаміў пра сход бацьку, ён аж збялеў. Кажа: "Вось не было гора, што ж цяпер рабіць?" Хоць і абралі майго бацьку на такую сабачую працу, але стараўся зрабіць, каб людзям было лепей. Цяжкая гэта праца: днём немцы з паліцаямі, а ноччу партызаны. І усе патрабуюць есці- як ім дагадзіць? 120 акружэнцаў прыпісаў бацька ў Суцін, а калі іх адпраўлялі ў лагер для ваеннапалоных, дык, каму змог, падказаў, што трэба ўцякаць. Вясной 1942 года гэтыя акружэнцы арганізавалі атрад імя Суворава ў лесе за Суціным. Аднойчы да нас прыйшоў з асобага аддзела партызанскага атрада чалавек Вясялоў і сказаў, каб бацька тэрмінова адмовіўся ад пасады бургамістра. "Мы цябе ведаем, што ты наш чалавек, але ўсім гэта не раскажаш. Цяпер партызан ў лесе шмат, прыйдуць , хату спаляць і заб'юць." Бацька напісаў заяву і перадаў справы Суцінскай воласці ў Тальку. Увогуле ў Суціне ў паліцыю, у самаахову пайшло шмат людзей - каля 30 чалавек - і не былі яны набрыддзю, падонкамі, якія ратавалі толькі ўласную скуру. Хаця былі і такія. Ян Віктаравіч лічыць, што такая вялікая колькасць людзей, перайшоўшых на бок немцаў, ёсць водгулле таго факту, што Суцін спрадвеку быў падзелены на католікаў і праваслаўных, шляхту і мужыкоў. Гэта процістаянне прагледжваецца праз усю гісторыю Суціна.У паўстанні 1863г. удзельнічала суцінская шляхта, а сяляне дапамагалі ўладам лавіць паўстанцаў, рабаваць іх дамы, а потым атрымлівалі іх маёмасць.У 30-ыя гады ў час калектывізацыі сяляне разам з уладамі раскулачвалі шляхту. Ну а ў вайну многія суцінскія шляхецкія сем'і сталі ўдзельнікамі паліцыі, самааховы. Партызаны палілі іх дамы, растрэльвалі сем'і. Ян Віктаравіч успамінае, што ў Суціне было партызанамі растраляна 22 сям'і. Сапраўдная грамадзянская вайна. А бацьку пасля вайны арыштавалі за тое, што быу бургамістрам у гады вайны і саслалі ў Мардовію. 2-3 чалавекі партыйцы тады падпісаліся, што кажухі забіраў у людзей- і нічога нікому не даказаў. Хоць людзі і гаварылі, што нічога дрэннага ім Корзюк, як быў старастам, не зрабіў. Ганна Адамаўна Татур, жыхарка Суціна, былая настаўніца, сказала нам, што Корзюк быў харошы чалавек, для людзей стараўся. Але следавацель Зюзін і слухаць нічога не хацеў. 10 год Віктар Корзюк адбыў у Мардовіі. Перажыў голад, холад, а сям'я яго ў Суціне адчувала адрынутасць: бацька- "вораг народа". Віктар Францавіч расказваў, як у Мардовіі яго выратавала ваўняная даматканая світка- выменяў у аднаго мясцовага жыхара за яе пуд бульбы. Гэта бульба выратавала яго ў самы цяжкі галодны час. Еў па тры бульбіны ў дзень. Так перажыў голад. З Суціна сям'я мала што магла паслаць бацьку, бо самі галадалі. 1 ліпеня 1944г. быў вызвалены Суцін, і Яна (яму тады былор ўжо 18 год) прызвалі на фронт. Вайсковай справе іх вучылі на хаду. Шмат кіламетраў прайшлі яны пешшу. Ішлі аж да Польшчы. Тут, у Польшчы, ля горада Пултуйск, на рацэ Нараў, што на адлегласці 90км ад Варшавы, адбыўся першы і апошні ў жыцці Яна бой. З успамінаў Яна Віктаравіча:"Мы не думалі, што будзе столькі крыві і забітых. Як толькі мы пачалі падыходзіць да маёнтка, нас адразу ж пачалі абстрэльваць з мінамётаў. Міны рваліся зусім побач. Шмат нашых людзей было забіта адразу. Некаторыя паспелі толькі прабегчы некалькі метраў і падалі- або забітыя, або параненыя. Пачалася страшэная паніка.Усе кудысці беглі, усе нешта крычалі. У нашым атрадзе было шмат армян. Мне на ўсё жыццё запомнілася, як яны нешта крычалі на сваёй мове, як падалі забітыя, параненыя. Як таварыш дапамагаў таварышу...Гэтага забыць нельга." Сам Ян паспеў прабегчы толькі каля трохсот метраў і быў паранены асколкамі міны ў абедзьве нагі. Толькі пасля вайны Ян зразумеў, што гэта была "разведка боем". Не для таго быў той бой, каб вызваліць яшчэ частку Польшы ад ямецка-фашысцкіх захопнікаў, а толькі для таго, каб даведацца, дзе знаходзяцца нямецкія кулямёты, мінамёты і іншая зброя. Гэты выпадак адзін з многіх, якіх было шмат у гады Вялікай Айчынай вайны . Военачальнікі не шкадавалі людзей, ім было галоўнае выканаць загад "зверху". Лічылася лепш зберагчы танкі , самалёты і іншую зброю , чым людзей. Пасля бою Ян прайшоў 14 шпіталяў. У Харкаўскім шпіталі яму ампутавалі левую нагу. Спачатку было ўсё не так дрэнна. Пытанне аб ампутацыі і не ставілася, хаця правая нага была перабіта ў трох месцах, але сасуды былі цэлыя. А ў левай толькі кавалачак касці адкалоўся. Здавалася , ўсё будзе добра , але на левай назе пачалася гангрэна. Ян нічога не мог есці , не хацелася."Пякло, як у гарачай смале." Ян не мог спаць, ад хлопца засталася адна скура і косці. "Асабліва мне запомніліся мае пазногці. Яны зрабіліся белымі, як у нябожчыка. Дактары бачылі, што калі яны будуць цягнуць і не адрэжуць нагу, то я памру." У 18 год, калі яшчэ ўсё жыццё наперадзе, Ян застаўся без нагі вышэй калена, а правая ледзь згінаецца. Ян Віктаравіч успамінае, што ў шпіталі быў такі выпадак: "У час абходу разам з урачом быў маёр-яўрэй, ён бачыў, які я быў да аперацыі, як пасля яе цяжка ішоў на папраўку. Не хацелася есці. Доктар сказаў, што добра было б мне даваць дзеля апетыту па лыжцы гарэлкі вечарам і раніцай. Але дзе ўзяць тую гарэлку ? Ежы і той у шпіталі не хапае. Медсястра сказала, што гарэлку можна купіць на рынку, але каштуе бутэлька гарэлкі аж 100 рублёў. Тады гэты абсалютна незнаёмы мне чалавек даў медсястры сто рублёў, загадаў купіць на гэтыя грошы бутэльку водкі і кожны дзень па дзве лыжкі выдаваць мне . Хто быў гэты чалавек? Чаму ён так зрабіў? А я нават прозвішча яго не дазнаўся...". Справы Яна пайшлі на папраўку. Ён стаў паціху ачуньваць. "Мне было цікава было назіраць, як мае пазногці пачалі з белага колеру мяняцца ў натуральны чырванаваты колер." У 1945 годзе Ян вярнуўся ў пасляваенны Суцін. Брат Пётр зноў працаваў шафёрам у абласным ваенкамаце. Вельмі цяжка жылося ў пасляваеныя 1946-1947 гады - усяго 9 коней на ўсю вёску было . Але Ян не мог працаваць за плугам, бо быў пакалечаны. Што рабіць, як жыць далей, як зарабіць кавалак хлеба? І Ян вырашыў пайсці вучыцца да Гурскага Васіля шыць боты. Потым пайшоў працаваць у арцель, якую арганізаваў Хадкевіч Віктар. За працу ў арцелі атрымліваў 9 кг мукі ў месяц, на гэта і жылі. Праз 4 гады арцель разышласябо жыццё пачало паляпшацца. У 1948 Ян ажаніўся са Станіславай Адольфаўнай. Жонка працавала ў калгасе, на палявых работах, а Ян Віктаравіч быў дома і працаваў рымарам. Рабіў хамуты, сёдлы, церазсядзёлкі, глядзеў за дзецьмі, займаўся хатняй гаспадаркай , сам пабудаваў дом для сваёй сям'і. Віктар Францавіч вярнуўся з Мардовіі ў Суцін у 1955годзе. Было яму тады ўжо 65 год. Працаваў яшчэ ў саўгасе, жыў з сям'ёй сына. Памёр ва ўзросце 90 год, у 1980г. Вось якую пакручастую дарогу жыцця даў ім Бог. Бацьку - два нямецкія палоны, стараства ў Суціне, 10 год сталінскіх лагераў . Сыну - калецтва ў 18 год (левую нагу ампуціравалі вышэй калена, а правая ледзь згінаецца, перабіта ў трох месцах ), кляймо "сына ворага народа". Марыў стаць настаўнікам, а стаў шаўцом і рымарам. Але, відаць, няма тых выпрабаванняў, якія чалавек не змог бы вытрымаць.Бацька і сын годна прайшлі па жыцці, і засталіся людзьмі. Крыніца: Успаміны Яна Віктаравіча Корзюка, запісаны ў 2004 годзе вучнем Талькаўскай школы Ягорам Пузынам і настаўніцай Ільініч Н. В.. ВысновыДа вайны ў Талькаўскім сельсавеце жыло 2666 чалавек, пасля вайны засталося 2060. (Памяць. Пухавіцкі раён, с. 208 ). Значыць, насельніцтва скарацілася на 606 чалавек. З іх 159 загінула на фронце, 28 - у партызанах, разам 187. Атрымліваецца, што мірных жыхароў было страчана 419 чалавек, у гэтым ліку 280 яўрэяў, гэта значыць у 2,2 разы больш, чым людзей, што са зброяй у руках ваявалі супраць фашызму. Які вывад можна зрабіць з гэтых лічбаў? У час вайны цалкам змяніўся нацыянальны склад нашага мястэчка. 280 талькаўскіх яўрэяў былі забітыя, а тыя, хто выжыў, ніхто не вярнуўся у Тальку. Талька страціла прадпрымальную, актыўную, таленавітую частку свайго насельніцтва. Канечне ж, наяўнасць гэтых людзей пабуджала да большай актыўнасці і беларусаў. Таму можна сказаць, што Талька страціла ў гэту вайну больш, чым іншыя населеныя пункты, дзе яўрэі не жылі. Найперш ад вайны пакутавалі мірныя жыхары. Яны апынуліся безабароннымі перад усімі сіламі, што мелі зброю. Галоўная задача чалавека была выжыць, захаваць дзяцей, не памерці з голаду. Чалавек меў выбар: пайсці працаваць на сваю былую працу (на чыгунку, у школу, у бальніцу, у лясгас), пайсці ў паліцыю ці самаахову - гэта значыць супрацоўнічаць з рэжымам, ці пайсці ў лес да партызан (праўда, яны з'явіліся пазней, у 1942-43 гг.), маладых яшчэ прымушалі ехаць у Германію. Кожны з гэтых шляхоў быў няпросты і ні адзін не гарантаваў выжывання. Паміж молатам і кавадлам апынуліся нашы людзі ў час гэтага ліхалецця. Жыхар Талькі Мікалай Цітавіч Злобіч так і кажа: "У партызаны пайшоў, бо іначай трэба было б ісці ці ў паліцыю, ці ехаць у Германію. Выбраў партызанскі атрад." Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю нашых дзядоў і прадзедаў, шмат гора выцерпелі нашы землякі. Дарагую цану заплацілі яны за перамогу над фашызмам, а многія не дажылі да светлай перамогі. Чаму нас вучыць гэта гісторыя? Трэба старацца ўсе праблемы вырашаць мірна, негвалтоўна, бо сапраўды, як казаў нехта мудры, "самы дрэнны мір лепш за добрую вайну". Людзі , вывучаючы гэтую страшную вайну, павінны зрабіць усё, каб у свеце ніколі не узнік фашызм. уверх |
||||