![]() |
|||||
| |||||
![]() Іосіф Жыновіч |
Іосіф ЖыновічЖыновіч (Жыдовіч) Іосіф Іосіфавіч (1907-1974) - выдатны музыкант-цымбаліст, дырыжор, кампазітар і педагог, народны артыст СССР, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Дзякуючы гэтаму чалавеку цымбалы з вясковага народнага інструмента сталі класічным, канцэртным інструментам. Ён стварыў цымбалазнаўства - навуку пра цымбальнае мастацтва. Сёння цымбалы - адзін з музычных сімвалаў Беларусі. Іосіф Жыдовіч нарадзіўся 14 мая 1907 г. у вёсцы Арэшкавічы ў сям'і земляроба. Бацька Юзіка іграў на цымбалах і быў музычным майстрам, бабуля ведала шмат народных песень. Гэтыя фактары, відаць, паўплывалі на фарміраванне асобы вясковага хлопца. Да 15-гадовага ўзросту ён жыў у Арэшкавічах. Лёс звёў Юзіка з чыгуначнікам Міхаілам Іванчанкам, якому спадабалася ігра хлопчыка на цымбалах, і ў 1922 г. ён прывёз юнака ў Мінск, у БДТ-1 (зараз тэатр імя Я. Купалы). Вясковага музыку-самавука прынялі ў тэатр салістам-цымбалістам. Артыстка Ірына Ждановіч успамінала: "Хлопчык прыйшоў у лапцях, яго паслухалі і прынялі, ён быў надзвычай дапытлівы, успрымальны і таварыскі. Усіх ён паважаў і нікога не цураўся". Іосіф прадоўжыў адукацыю ў мінскай школе № 11 (цяпер № 42). Тут Стась Шушкевіч і Юзік Жыновіч пад кіраўніцтвам Адама Бабарэкі выпускалі насценную газету. Станіслаў Шушкевіч, потым вядомы пісьменнік, расказваў: "Вучыліся разам у працоўнай паказальнай школе пры Белпедтэхнікуме. Удзельнічалі ў самадзейнасці, выпускалі газету на беларускай мове. Упершыню я пачуў цымбалы ў музычнай майстэрні. Калі ўвайшлі туды, Юзік сеў і зайграў. Такога я ніколі не чуў! Гэта было вельмі прыгожа!" Імкнучыся дасягнуць напеўнага і моцнага гуку, Жыновіч выдаляе траскучасць і брынканне свайго "дзедаўскага" інструмента. У першым беларускім фільме "Лясная быль", знятым Ю.Тарычам у 1926 г., мы бачым ў руках Іосіфа ўдасканаленыя ім малаточкі, падшытыя знізу скурай. На рэканструяваных цымбалах загучалі не толькі вясёлыя танцы, але і трагічная музыка. Іосіф Жыдовіч скончыў юрыдычны факультэт БДУ (1931) і Беларускую кансерваторыю (1941). У 1930 г. ствараецца Дзяржаўны ансамбль народных інструментаў. Жыновіч прызначаны туды кіраўніком. А ў 1935 г. ён быў выключаны з кансерваторыі за тое, што яго бацькі "кулакі". З 1946 г. наш зямляк прызначаецца мастацкім кіраўніком і дырыжорам Дзяржаўнага народнага аркестра БССР (з 1974 г. імя Жыновіча). У Беларускай кансерваторыі Жыновіч заснаваў клас цымбалаў і кафедру народных інструментаў, загадваў ёю. Напісаў музычныя творы: "Беларуская мелодыя", "Беларускія танцы" і інш., пераклаў для цымбалаў п'есы І. Штраўса, Ф. Шапэна, Г. Вяняўскага, Ф. Крэйслера, В.-А. Моцарта. Успамінае Антаніна Феліксаўна Казакевіч, жыхарка Арэшкавічаў: "Мой муж Станіслаў Ігнатавіч з дзяцінства дружыў з Іосіфам Жыновічам, раслі разам. Некалькі разоў Жыновіч прыязджаў у Арэшкавічы, адзін раз з сям'ёй, спыняўся ў нас. Гатавалі для яго мачанку, гэта яго любімая страва. Любіў вельмі Арэшкавічы - Свіслач, лес. Сям'ю Жыдовічаў раскулачылі. Бацька памёр у турме НКУС, а маці выратавалася - яе забрала дачка ў Мінск. Хата Жыдовічаў была разабрана і прададзена ўладамі. З часткі яе была пастаўлена хата ў Арэшкавічах, там цяпер жывуць Ерашэвічы. Другая палова бярвенняў была перавезена ў Тальку, каля аптэкі была складзена хата, дзе жылі Хлышчанкі". У Дзяржаўным архіве Мінскай вобласці знойдзены дакумент"Спіс вучняў, што закончылі поўны курс Арэшкавіцкай 4-гадовай школы ў 1923/24 годзе". У гэтым спісе 5 прозвішчаў. Пад нумарам першым Жыдовіч Юлія Іосіфаўна, узрост 13 год, нацыянальнасць - полька, паступіла ў школу ў 1920 годзе, вучылася 4 гады. Відавочна, што Юля - малодшая сястра Юзіка. Яна маладзейшая за брата на 4 гады. Жыдовічы - выхадцы з дробнай шляхты, католікі, таму ўсведамлялі сябе палякамі. Яшчэ адзін дакумент з таго ж архіва - "Спіс пазбаўленных выбарчага права па Талькаўскаму сельсавету" за 1933 г. Сярод 49-ці асоб у гэтым спісе пад нумарам 18 стаіць Жыдовіч Язэп, 1873 года нараджэння, сацыяльнае становішча земляроб, месца жыхарства аколіца. Відаць, сям'я Жыдовічаў лічылася заможнай, таму Савецкая ўлада пазбавіла іх выбарчых правоў, а падчас калектывізацыі ў Жыдовічаў адбяруць іх маёмасць, а саміх вышлюць. У любой цывілізаванай краіне імя чалавека такога таленту, як Жыновіч, узняло б з нябыту, праславіла б назву яго малой радзімы. Арэшкавічы маглі б стаць Меккай для музыкантаў, прыхільнікаў таленту маэстра. У нас жа дзяржава зрабіла тое, што таленавіты музыкант павінен быў забыць свае родныя Арэшкавічы на доўгі час, ён нават змяніў прозвішча (Жыдовіч - Жыновіч), каб на яго не ўпала кляймо "сын ворага народа". У маі 1997 г. споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння І. Жыновіча. З гэтай нагоды ўпершыню (!) Дзяржаўны аркестр народных інструментаў імя Жыновіча прыехаў з канцэртам у Арэшкаўскі сельскі ДК. Здзіўленне, захапленне прыгажосцю музыкі, прафесійнасцю выканання ў гледачоў было бязмежным. Але ж і артысты былі зачараваны прыгажосцю Свіслачы, зялёных аксамітных лугоў малой радзімы вялікага музыкі. Прагучала спадзяванне, што гэта сустрэча будзе мець працяг. уверх |
||||