![]() |
|||||
| |||||
![]() Пісьмовыя згадкі |
Пісьмовыя згадкіПісьмовыя згадкі пра вёскі нашай мясцовасці больш познія. У школьным музеі ёсць копія дакумента "Рэестр маёнтка Арэшкавічы Менскага павета", складзенага 27 верасня 1599г. У дакуменце значыцца, што ў 1599г. вёска належала пану Крыштафу Служку, старасту крычаўскаму. Тут было 25 аселых валок (гл.: Даўнія меры... С. 126). Звычайна валоку апрацоўвалі дзве сялянскія сям'і. У канцы XVIII ст. у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай Беларусь увайшла ў склад Расіі. Наш край стаў часткай Расійскай імперыі ў 1793г., у выніку другога падзелу. Талька і Арэшкавічы ў ХІХ ст. уваходзілі ў склад Ігуменскага павета (цяпер ён Чэрвеньскі) Мінскай губерні. У 1844г. у Слабодцы жыло 8 сялянскіх двароў, што належалі блужскай памешчыцы Тэафіліі Завадскай. Магчыма, тут жылі людзі іншых станаў - дробная шляхта, якія былі хоць і бедныя, але вольныя. Кожны сялянскі двор быў надзелены 24 моргамі зямлі і павінен быў выконваць за гэта наступныя павіннасці: паншчына: кожны тыдзень па 2 мужчынскія і 2 жаночыя дні; згоны: у летні час, калі ўбіраюць хлеб, 12 дзён мужчынскіх і 12 жаночых у год; чынш: 45 капеек серабром у год з кожнага двара; падарашчызна: 1 руб. 80 кап.; даніна прадуктамі: куры - 2 шт., хмель - 10 фунтаў, яйкі - 20 шт., мёд - 1 гарнец, пеўні - 2 шт., ягады - 1 гарнец, грыбы - 1 капа, арэхі - 1 гарнец, дрань - 1 капа, жалуды - 8 гарцаў. Дадатковыя павіннасці: шарваркі (будаўнічыя работы) вясною і восенню па аднаму дню ў тыдзень з кожнага двара па чарзе; варта - адзін мужчына і адна жанчына з двара па чарзе ахоўвалі маёнтак; выраб нітак, палатна і сукна - кожны двор павінен здаць у гаспадарчы двор простага прадзіва 8 фунтаў, тонкага - 5 фунтаў. Узрост рабочых ад 12 да 60 гадоў. Пасля паўстання 1831г. цар падпісаў указ, паводле якога ўсе, хто называў сябе шляхтай, павінны былі прад'явіць дакументы аб шляхецкім паходжанні. Тыя, хто іх не меў, пераводзіліся ў аднадворцы, фактычна далучаліся да дзяржаўных сялян. Гэта называлася "разбор шляхты". Магчыма, што акрамя 8 сялянскіх прыгонных двароў у Слабодцы жылі і такія аднадворцы. У час паўстання 1863г. ваенныя дзеянні адбываліся і ў нашай мясцовасці. У паўстанцкія атрады ўступала шляхта, навучэнцы, сяляне. За ўдзел у паўстанні 22 сям'і з Суціна царскія чыноўнікі выслалі ў Томскую губерню. У кнізе "Описание церквей и приходов Минской епархии", выдадзенай у 1879г., апісваюцца вёскі, што ўваходзілі ў склад прыхода Блужскай царквы імя Успення Божай Маці. "В состав прихода входят следующие селения: Блужа, Подосово, Бобы, Берлеж, Орешковичи, Слободка, Сутин, Каменка, Матеевичи и Угодино. Прихожан мужеского пола 752, а женского 790 душ, большинство крестьянского сословия; преимущественное занятие прихожан есть земледелие, но многие занимаются также вывозкою и продажею на железнодорожной станции лесного материала, плотничьими и бондарными ремёслами. Религиозно-нравственное состояние прихожан признавалось бы удовлетворительным, если бы менее развито было между ними пьянство; из молитвословий особенно употребительны крестные ходы по деревням, выдающихся суеверных обычаев нет. Грамотных между прихожанами не более 6%". уверх |
||||