![]() |
|||||
| |||||
|
Пачаткі |
ПачаткіРаней лічылася, што сялянскім дзецям кніжнае вучэнне без патрэбы. "З навукі хлеба есці не будзеш", - так гаварыў селянін свайму сыну-разумніку. Араць, сеяць, касіць, прасці i ткаць дзеці вучыліся ад бацькоў, а грамаце ад "дарэктара". Першая школа ў нашай мясцовасці адкрылася ў 1869 г. пры Блужскай Успенскай царкве. Багацейшыя сяляне з Арэшкавічаў, Суціна, Слабодкі аддавалі cвaix хлопчыкаў у гэтую школу. У 1875г. у Блужскім народным вучылішчы было 24 хлопчыкі i 1 дзяўчынка. Вучыла ix настаўніца Аляксандра Халявінская, а Закон Божы выкладаў святар Іосіф Віторскі. У 1900г. у Блужскім вучылішчы займалася 43 хлопчыкі і 2 дзяўчынкі. Настаўнікам быў Васіль Макарэня, веры праваслаўнай, на гэтай працы з 1897 г., атрымліваў 240 руб. Закону Божаму вучыў Канстанцін Шчарбінскі, атрымліваў за гэта 25 руб. У 1913г. у Блужскім аднакласным 3-гадовым народным вучылішчы працавалі настаўніцы Любоў Лісіцкая i Аляксандра Шымко, а святаром быў Уладзімір Яльцоў. Акрамя граматы i арыфметыкі дзеці вучылі малітвы, зубрылі катэхізіс, гісторыю Старога i Новага Запаветаў. Працягнуць сваю адукацыю дзеці маглі ў двухкласных народных вучылішчах з пяцігадовым курсам навучання (3 гады ў першым класе i 2 у другім) у Блоні, Дукоры, Пярэжыры, Цітве. Талька ў тыя часы была пераважна яўрэйскім мястэчкам. Дзяцей сваіх яўрэі вучылі ў школцы пры Талькаўскай сінагозе, што стаяла насупраць цяперашняй Талькаўскай аптэкі. У Суціне жылі пераважна католікі-шляхта. Многія з ix былі пісьменнымі. Напэўна, дзетак-католікаў вучыў ксёндз пры касцёле св. Антонія на Сарафіне. У 1873г. праз нашую лясную балоцістую мясцовасць прайшла Лібава-Роменская чыгунка. Гэта спрыяла росту гаспадаркі i культуры краю. У 1911г. на Беларусі нарэшце была праведзена земская рэформа - створаны органы мясцовага самакіравання - земствы, якія адкрывалі на свае сродкі школы, бальніцы. Ужо ў 1912г. у нашай мясцовасці земства адкрывае 4 новыя школы - у Арэшкавічах, Слабодцы, Спічніку i Суціне. У "Памятнай кніжцы Мінскай губерні на 1913г." спіс школ нашага краю выглядае наступным чынам: Блужскае аднакласнае народнае вучылішча - Любоў Лісіцкая, Аляксандра Шымко; Арэшкавіцкае - Алена Русава; Слабода-Талькаўскае - Аляксандра Ржэцкая; Спічнікоўска-Сталыпінскае - Амвросій Рудкоўскі; Суцінскае - Аляксандра Бяляева. Аляксандр Якубоўскі, 9 клас Матэрыял цалкам узяты са школьнай газеты "Талька" № 2, што выйшла ў 2002г., да 90-годдзя Талькаўскай школы. Падрыхтавана газета была вучнямі і настаўнікамі, а выдадзена пры падтрымцы "Павятовай газеты" і цэнтра "Супольнасць". уверх |
||||