![]() |
|||||
| |||||
|
Настаўнікі Блужскі настаўнік |
Блужскі настаўнік
Сям'я Заблоцкіх у ссылцы ў Якуціі, г. Алдан, прыіск Верхнесталінскі, З 1950г. жыве ў Блужы Аркадзь Канстанцінавіч Заблоцкі. 32 гады ён выкладаў у Блужскай школе англійскую мову, 10 гадоў быў дырэктарам. Жыццё яго - сведчанне трывучасці беларускага духу, які, пабыўшы ў пекле сталінскай ссылкі, у нечалавечых умовах не толькі выжыў фізічна ( што ўжо нямала!), але здолеў вывучыцца, стварыць добрую сям'ю i жыць без злосці на той свет, які так жорстка абышоўся з ім і яго роднымі. Нарадзіўся Аркадзь Заблоцкі ў 1922г. у в. Савалуцк (цяпер Любанскі р-н) у сям'і земляробаў. Бацькі жылі на хутары, мелі 3 валокі зямлі. Гэта была сям'я сялян-сераднякоў.У 1930г. вялікую сям'ю Заблоцкіх (5сыноў, 2 дачкі) раскулачылi і выслалі ў Якуцію, у Алданскі р-н. За першы страшны год ссылкі памерлі бацька i маленькая сястрычка.На фатаграфіі 1934г. сям'я ўжо без ix. Здаецца, усё гора свету свеціцца ў вачах маці - Міхаліны Мацвееўны. У 1940г. Аркадзь закончыў 10 класаў, атрымаў дазвол i паехаў вучыцца ў Томск, там закончыў на выдатна 1-гадовыя настаўніцкія курсы, факультэт англійскай мовы. Пасля заканчэння яго накіравалі ў Аляксандраўскую СШ Юргінскага р-на. Гэта быў 1941г., пачалася вайна. У 19 гадоў юнак прасіўся на фронт, але не ўзялі - "неблагонадёжный, сын кулака, врага народа". У кастрычніку 1942г. у армію сталі браць ycix (Сталінград!). Аркадзь тpaпiў на Курскую дугу. Быў паранены. Шпіталь у г. Стары Аскол, потым аперацыя ў г. Гур'еве, выдалілі асколак - рана зажыла. Па сканчэнні вайны выйшаў загад, каб ycix настаўнікаў тэрмінова накіравалі ў школы. У кастрычніку 1945г. Аркадзь дэмібілізаваўся i вярнуўся ў Алдан, да маці. Яна жыла там са старэйшай дачкой Ефрасінняй. Усіх сыноў "ворагаў народа" Заблоцкіх Савецкая улада забрала на вайну, прыдаліся ў цяжкі час. Трое Заблоцкіх - Аляксандр, 1912г. н., Іван, 1914г., Мікалай, 1925г., - з фронту не вярнуліся, "выкупілі віну крывёю". Толькі якую віну? Mіхаліна Мацвееўна з горыччу, бывала, казала, што вось як выганялі з дома дзетак, марылі голадам, пякліхоладам у той Сібіры, то дзеці яе савецкай уладзе былі непатрэбныя, а калі вайна ўдарыла, дык спатрэбіліся і "кулакі". Аркадзя накіравалі на працу ў СШ № 23 г.Алдана. Тут ён сустрэў Аню Краснапольскую, таксама з сям'і раскулачаных. Сям'я Краснапольскіх была выслана з Ельскага раёна Беларусі. "Як гэта вы знайшлі ў Якуціі беларуску?" - здзіўляемся мы. "Больш паловы жыхароў Якуціі тады былі беларусы", - адказвае Аркадзь Канстанцінавіч. Няма слоў. Во дзе расцярушаныя нашы сілы. А высылалі ў тую Ciбip лепшых ва ўсе часы - i пры царах, i пры Сталіне - самых разумных, працавітых, адукаваных, бо такія найбольш небяспечныя для ўлад. Можа, таму мы сёння такія рахманыя, няздольныя нават на паляпшэнне свайго жыцця? Хутка Аркадзь з Ганнаю ажаніліся. Гэта было каханне i шчасце на ўсё жыццё. Мы бачым у пакоі Аркадзя Канстанцінавіча на самым відным месцы партрэт вельмі прыгожай маладой жанчыны. У 1950г. дактары загадалі жонцы памяняць клімат з-за сардэчнай недастатковасці. Яны вярнуліся на Беларусь. У гэтым жа годзе Заблоцкага Пухавіцкае рана накіроўвае ў Блужу настаўнікам англійскай мовы. Аркадзь Канстанцінавіч успамінае, што тады школа працавала ў некалькіх прыстасаваных будынках ( адзін з ix - дзе цяпер лясніцтва). У 50-я гг. тут яшчэ стаяў дом пана Булгака, жылі там нейкія людзі. Hiхто не рамантаваў маёнтак, таму ён паціху разбураўся, а потым быў знесены. Сёння ад сядзібы Булгакаў засталіся толькі паграбы i ліпавыя прысады. Электрычнасці ў 50-я гг. яшчэ не было, вучыліся пры газавых лямпах. Настаўнік Тышкевіч устанавіў у школе самаробны рухавік i падключыў да школы электрычнасць. Гэта было дзіва. У 1956г. Блужская школа стала 10-годкай, у 1970г. была пабудавана мураваная тыпавая школа. Жонка Аркадзя Канстанцінавіча працавала бібліятэкарам, потым загадчыцай СДК. Выгадавалі трох харошых дзяцей, шмат унукаў. Такой сям'ёю, такой працай можна ганарыцца. Нягледзячы на ўсе перашкоды, жыццё ўдалося. Мы пытаем, ці прыйшлося калі, ужо жывучы на Беларусі, адчуць на сабе напамін пра ссылку? Канешне, i не раз. Напрыклад, калі бралі на працу ў Пухавіцкі раён, то чыноўнік рана ў паперцы знайшоў запіс i энергічна даводзіў, што бярэ на работу сына раскулачанага, гэта значыць, ворага народа, і таму той мусіць ведаць сваё месца. Нікому, акрамя родных, Аркадзь Канстанцінавіч, відаць, не расказваў пра гэты факт біяграфіі, бо вучні ягоныя 60-70-х гг. нічога пра блуканні па пакутах свайго настаўніка не ведалі. Вельмі здзіўляліся, пачуўшы гэта ад нас. Няма ўжо побач з Аркадзем Канстанцінавічам дарагой жонкі, трагічна загінуў у катастрофе сын - ці не занадта шмат выпрабаванняў для аднаго чалавека? Свецяцца розумам i дабрынёй вочы чалавека. Свецяцца вокны ў дагледжаным цагляным дамку, што недалёка ад школы. Дай Вам Божа, настаўнік, моцы, дужасці, здароўя i надалей. Вы патрэбныя нам, вашым дзецям і вучням. Людміла Жышкевіч, Наталля Ільініч Матэрыял цалкам узяты са школьнай газеты "Талька" № 2, што выйшла ў 2002 г., да 90-годдзя Талькаўскай школы. Падрыхтавана газета была вучнямі і настаўнікамі, а выдадзена пры падтрымцы "Павятовай газеты" і цэнтра "Супольнасць". уверх |
||||