на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                    краязнаўчы сайт
 


Першая згадка пра Тальку

Пісьмовыя згадкі

ХХ стагоддзе:

    1 старонка

2 старонка

план Талькі ў 20-30-х гадах ХХ ст.

анкета персональная 27/ХІІ-1924 г.

Другая сусветная вайна

Талькаўскія яўрэі

Талька сёння

Талькаўскае лясніцтва

Прадпрыемства

 

ХХ стагоддзе

Сям'я чыгуначніка Антоненкі. Станцыя Талька, пачатак ХХ ст.

У кнізе В. Сямёнава "Россия. Полное географическое описание нашего Отечества", том 9 "Верхнее Поднепровье и Белоруссия" (СПб., 1905) напісана: "В 19 верстах за Пуховичами (М.-Горкой) Либава-Роменская железная дорога достигает станции Талька, грузящей свыше 700 тысяч пудов лесных грузов".

Школы ў Тальцы яшчэ не было. Багацейшыя сяляне на зіму наймалі "дарэктараў" ці пасылалі сваіх дзяцей у Блужу. У 1869 г. было адкрыта Блужскае народнае вучылішча. У 1875 г. яно працавала ў грамадскім будынку. Настаўніцай была Аляксандра Іванаўна Халявінская. За сваю працу яна атрымлівала 150 рублёў у год і кватэру. Закон Божы выкладаў святар Успенскай царквы Іосіф Віторскі, за што атрымліваў 25 рублёў.

У 1900-1901 гг. у Бужскім народным вучылішчы навучалася 43 хлопчыкі і 2 дзяўчынкі. Магчыма, што тут былі дзеці з Арэшкавічаў, Слабодкі.

Школы ў вёсках Слабодка, Арэшкавічы, Суцін, Спічнік былі адкрыты ў 1912 г.Гэта былі аднагадовыя народныя вучылішчы, адкрытыя намаганнямі земстваў. Земствы на Беларусі былі створаны ў 1911 г. Дзякуючы ім ужо ў наступным годзе ў нашай мясцовасці пачалі працаваць школы.

У "Памятнай кніжцы Мінскай губерні на 1913 год чытаем:

Народные училища Учителя:

Блужское - Любовь Лисицкая, Александра Шимко;

Орешковичское - Елена Русова;

Слободо-Тальковское - Александра Ржецкая;

Спичниковско-Столыпинское - Амвросий Рудковский;

Сутинское - Александра Беляева;

Церебутское - Михаил Вержбицкий.


Праваслаўны святар Блужскага прыхода ў 1913 г. - Уладзімір Яльцоў.

Начальнік чыгуначнай станцыі Талька - Восіп Чарнецкі.

Ксёндз Сарафінскага касцёла - Антон Шылініс.

Бліжэйшыя да Талькі аптэкі знаходзіліся ў Лапічах (правізар Ісаак Іскольдскі) і ў Пухавічах (правізар Яфім Шахаратаў).

Бліжэйшыя паштова-тэлеграфічныя аддзяленні былі ў Мар'інай Горцы, Пухавічах.

Пасля заканчэння Слабодскай аднагадовай школы сялянскія дзеці маглі вучыцца ў Ігуменскім 2-класным ці 4-класным вучылішчах. Двухкласныя народныя вучылішчы былі ў Блоні, Дукоры, Пярэжыры, Цытве. У Мар'інай Горцы працавала сельскагаспадарчае вучылішча.

У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна, якая прывяла Расію да Лютаўскай рэвалюцыі, а потым Кастрычніцкага перавароту 1917 г.

9 жніўня 1917 г. блужскі памешчык Ю. Булгак просіць губернскага камісара прыняць меры супраць сялян вёсак Блужа Пухавіцкай і Каменка Амяльнянскай валасцей, якія захапілі яго сенакосы ў фальварку Блужа і ў маёнтку Мацеевічы. Ён не ведаў, што праз некалькі месяцаў ён страціць усю сваю маёмасць і будзе вымушаны пакінуць свой дом.

Як адчувалі сябе жыхары Слабодкі, Талькі, Арэшкавічаў у той калатнечы? Нямецкая акупацыя ў 1918 г., польская акупацыя ў 1919-1920 гг., савецкая ўлада з харчразвёрсткай, - усё гэта не магло абмінуць гэты незаласканы Богам куток зямлі. Жыццё працягвалася.

Вось яскравы факт: у 1921 г. у Тальцы працуе 3 школы. Слабодская (Людміла Ярмак), Талькаўская польская (Алена Альшамоўская, Браніслава Тамашэўская), Талькаўская яўрэйская (Абрам Кантаровіч).

Акрамя таго, школы працавалі ў Дзям'янаўцы (Канстанцін Грамыка); у Суціне аж дзве школы: у адной з іх настаўнікамі былі Наталля Васільеўна Ярмак і яе сын Мікалай Ярмак, у польскай школе працаваў Эдуард Гарашэвіч. Былі школы ў Мацеевічах (Міліцыя Вярыга), у Каменцы (Аляксандр Гаўрык), ва Угодзіне (Яўген Ярмак), у Арэшкавічах (Мікіта Слуцкі), у Насыцку (Міхаіл Гулякевіч), у Церабутах (Іван Рагоцкі, Міхаіл Цвірка-Гадыцкі).

уверх