на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                    краязнаўчы сайт
 


Першая згадка пра Тальку

Пісьмовыя згадкі

ХХ стагоддзе:

1 старонка

     2 старонка

план Талькі ў 20-30-х гадах ХХ ст.

анкета персональная 27/ХІІ-1924 г.

Другая сусветная вайна

Талькаўскія яўрэі

Талька сёння

Талькаўскае лясніцтва

Прадпрыемства

 

ХХ стагоддзе

Пасля ўзрушэнняў, войн, рэвалюцый, акупацый Талька апынулася ў складзе БССР, абвешчанай 31 ліпеня 1920 г. У БССР на той час уваходзіла толькі 6 паветаў Мінскай губерні, у якіх пражывала 1,6 мільёна чалавек.

У 1921 г. урад згарнуў харчразвёрстку і перайшоў да новай эканамічнай палітыкі (нэп). Гэта прывяло да эканамічнага пад'ёму Талькі.

У Тальцы пачало развівацца прадпрымальніцтва. З'явілася шмат маленькіх прадпрыемстваў, якія перапрацоўвалі скуру, воўну, малако, мяса, ягады ў прадукты і тавары народнага спажывання. (Глядзіце план Талькі ў 20-30-х гадах ХХ ст.)

Тлумачэнні да плана дала Тужык Ларыса Аляксандраўна. Анкета ж па Талькаўскай школе дае ўяўленне пра тое, якой яна была ў 1924 г.

У 1925 г. у БССР пачалася беларусізацыя. Усе дакументы сельсавета, школ з гэтага часу напісаны па-беларуску, нават скаргі, заявы і ананімныя паведамленні ў міліцыю.

У 1930 г. Талькаўская пачатковая школа пачала пераход да сямігодкі.

Частка насельніцтва Талькі і ваколіц у 20-30 гг. была пазбаўлена выбарчага права. У гэтым спісе 49 чалавек. Сярод іх Сухоцкі Янка (Загібелька), Рашал Гершун і Хава, Пейсаховіч Борка і Этка, Зубараў Абрам і Дося, Івінскі Андрэй, Булавацкая Люба, Герцовіч Лейзер (Талька), Грамыка Тамаш, Гаша, Кастусь, Арына (Насыцк), Гаўрык Язэп і Аўгіння, Жыдовіч Язэп (аколіца), Пятроўскі Янка і Наста (Насыцк), Гіліцкі Баніфацый (Яноўка), Татур Франц, Вайцэховіч Алесь (аколіца).

Сярод асоб, пазбаўленых выбарчых правоў як "прадстаўнікоў эксплуататарскага класа", была сям'я Язэпа Жыдовіча. Гэта бацька вядомага музыканта, стваральніка Дзяржаўнага аркестра народных інструментаў Іосіфа Жыновіча. Хутка сям'я Жыдовічаў была раскулачана і саслана ў аддаленыя раёны СССР.

У 1929 г. пачалася масавая калектывізацыя.

У 1929 г. у Суціне быў створаны саўгас "Залог пяцігодкі".

У 1930-я гг. у сувязі з калектывізацыяй пагоршылася становішча з харчаваннем. Былі ўведзены харчовыя карткі для служачых. На прыкладзе харчовай карткі настаўніка Арэшкаўскай школы Мікалая Лявонавіча Ярмака можна ўбачыць устаноўленыя ў 1933 г. нормы харчавання настаўнікаў:

хлеб - 400 гр у дзень на настаўніка, 200 гр (пазней - 150 гр) на ўтрыманца;

крупы - 800 гр у месяц на настаўніка, 400 гр на ўтрыманца;

цукар - 0,2 кг на месяц на настаўніка.

А вось спіс № 1, устаноўлены для рабочых мар'інагорскіх прадпрыемстваў:

хлеб - 600 гр рабочаму, 300 гр утрыманцу;

цукар - 0,8 кг рабочаму, 0,2 кг утрыманцу.

Гэта быў супярэчлівы час. Мільёны паверылі ў лозунгі на чырвоных сцягах рэвалюцыі, лічылі вялікім шчасцем быць сучаснікамі яе здзяйсненняў.

З другога боку - раскулачванні, арышты невінаватых, голад з-за калектывізацыі, хлебныя карткі.

У 1936 г. быў арыштаваны настаўнік рускай мовы Нічыпар Лаўрэнцьевіч Байчык. За ім прыехалі ноччу на "чорным воране", дамоў ён так і не вярнуўся.

Успамінае Іван Леапольдавіч Лысакоўскі, выпускнік Талькаўскай СШ 1939г., генерал-маёр у адстаўцы: У 1936 г. дырэктарам школы быў прызначаны Вайлевіч. Гэта быў яшчэ даволі малады чалавек, вельмі інтэлігентны. Выкладаў ён гісторыю, вучні лічылі яго добрым настаўнікам. Але нядоўга ён папрацаваў у Тальцы. У канцы 1937 г. ці ў пачатку 1938 г. ён быў арыштаваны органамі НКУС. Як і ўсе, даведаўшыся з газет пра судовыя працэсы над удзельнікамі праватрацкісцкага блока і іншымі "ворагамі народа", мы былі абураны і кляймілі "ворагаў" і "шпіёнаў" на мітынгах, пасылалі гнеўныя тэлеграмы. Нашымі песнямі ў той час былі: "Смело мы в бой пойдём", "Если враг нападёт", "Всё выше и выше" і інш".

уверх