![]() |
|||||
| |||||
![]() Талька сёння |
Талька сённяСённяшняя Талька - цэнтр сельсавета. На 1 студзеня 2007 г. у Талькаўскім сельсавеце жыве 887 чалавек у 17 вёсках: Арэшкавічы - 190, Блужскі Бор - 2, Весалоў - 21, Дзям'янаўка - 39, Калінаўка - 4, Каляюгі - 4, Ленінск - 19, Лявонаўка - 28, Малінаўка - 9, Насыцк - 16, Рудня - 14, Слабодка - 83, Талька - 403, Церабуты - 28, Чароты - 10, Яноўка - 14, Вялікае Поле - 3. Людзі пенсійнага ўзросту складаюць каля 60 %. За 2007 год на тэрыторыі Талькаўскага сельсавета нарадзілася 8 дзяцей, памерла 34 чал.. Такім чынам, натуральны прырост адмоўны, лічба гэтая - 26 наводзіць на сумныя высновы. Сёння ў Тальцы працуюць наступныя прадпрыемствы: чыгунка са станцыяй і вакзалам, цэх перапрацоўкі драўніны, лясніцтва, аграфірма "Верасень" - таварыства з абмежаванай адказнасцю, прафілакторый Беларускай чыгункі "Талька". Установы сацыяльнай сферы: сярэдняя школа, бальніца з амбулаторыяй, пошта, клуб, бібліятэка. Магазіны: чыгуначны, спажывецкай кааперацыі, прыватная крама "Несцерка", што належыць Юрчыкам. Найбольш стабільна з усіх гэтых прадпрыемстваў працуе Беларуская чыгунка. 130 год прайшло з таго часу, як была пабудавана Лібава-Роменская чыгунка. Яе ўплыў на эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё нашай вёскі быў вызначальным. Сёння чыгунка дае працу і стабільны заробак значнай колькасці жыхароў Талькі. Тут занята 44 чалавекі. Аграфірма "Верасень" была створана 1 сакавіка 1992 г. на аснове аддзялення "Талька" саўгаса "Залог пяцігодкі". Гэта была спроба прыстасавацца да новых эканамічных умоў. Аграфірма па статусу з'яўляецца таварыствам з абмежаванай адказнасцю. Акрамя жывёлагадоўлі і раслінаводства тут займаліся лесаапрацоўкай, гандлёва-камерцыйнай дзейнасцю. У аграфірме працавала каля 55 чалавек, 20% працуючых - пенсіянеры. Аграфірме належыць 996 гектараў зямлі, з іх 546 га раллі. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых у 1997 г. была 24 ц/га. Глебы небагатыя, бал урадлівасці ніжэй за сярэдні. Агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы - 350 галоў. Аграфірма прадавала мяса, малако, збожжа, бульбу, піламатэрыялы. Сёння аграфірма "Верасень" спыніла сваю працу. Нявыгадна стала вырошчваць збожжа, бульбу, а тым больш прадаваць мяса і малако. Чаму так? Думаецца, гэта адбылося з-за недальнабачнай дзяржаўнай палітыкі (нізкія цэны на сельскагаспадарчыя тавары і высокія на бензін), а таксама з-за таго, што няма гаспадароў, якія б здолелі арганізаваць вытворчасць у рынкавых умовах, знайсці інвестыцыі для ўвядзення новых тэхналогій. Новыя тэхналогіі зрабілі б прадукты больш якаснымі і таннымі. А пакуль што ўсе палі вакол Талькі зараслі быльнягом. У мінулым годзе ніводнага поля не было засеяна. Толькі дачнікі і жыхары вёскі, як мурашкі, шчыруюць на сваіх дзялянках. У асноўным уручную і на конях апрацоўваюцца прыватныя соткі. Цяжкай працай людзі імкнуцца забяспечыць свае сем'і бульбай і агароднінай, каб неяк выжыць. Цэх па перапрацоўцы драўніны працуе з пачатку 70-х гг. Сыравіну атрымлівае з Талькаўскага, Пухавіцкага, Шацкага, Рудзенскага, Светлаборскага лясніцтваў. За месяц у ЦПД перапрацоўваюць 400-500 куб. лесу. З яго вырабляюць будаўнічыя матэрыялы: дошкі, брус, бэлькі, трэскі, апілкі. З-за высокага кошту вырабаў прадпрыемства мае цяжкасці са збытам прадукцыі. У ЦПД працуе каля 20 чалавек. Санаторый-прафілакторый "Талька" пачаў працаваць з 1975 г. Рэчка, возера, хваёвы лес, чыстае паветра - усё гэта садзейнічае аздараўленню адпачываючых. Адпачываюць тут чыгуначнікі і члены іх сем'яў. Разлічаны санаторый на 150 чалавек. Тут высокая якасць медыцынскага абслугоўвання, санаторый-прафілакторый лічыцца добрым месцам адпачынку ў нашай краіне. З цяжкасцю прабіваюць дарогу ў нашай вёсцы новыя формы гаспадарання, рынкавыя адносіны. Было дзве фермерскія гаспадаркі на тэрыторыі сельсавета. У Тальцы - К. П. Федарынчык, у Дзям'янаўцы - Вячаслаў Антонавіч Жыдовіч, але гэта людзі сталага веку, няма ўжо здароўя, неабходнага для працы. Перарэгістрацыю ні адзін з фермераў не праходзіў. Ёсць прыватныя прадпрымальнікі, якія займаюцца гандлёва-камерцыйнай дзейнасцю, маюць прыватныя магазінчыкі ў Тальцы. Гэта Віктар і Людміла Юрчыкі, Аляксандр Аляксандравіч Кірыновіч. Сельская гаспадарка развіваецца на ўзроўні асабістых падсобных гаспадарак. Прысядзібныя ўчасткі сталі адным са сродкаў выжывання. Людзі паступова пачынаюць разумець, што спадзявацца трэба на свой розум, сілы і працу. Спадзяванні наконт хуткага рыначнага пераўтварэння вёскі, наконт нацыянальнага адраджэння і культурнага пераўтварэння паступова праходзяць. Хутка, бязбольна дабіцца гэтага не ўдалося. уверх |
||||