![]() |
|||||
| |||||
![]() возера Грымячае |
Возера Грымячае
Гэтая таямнічая мясціна знаходзіцца на поўдзень ад Рудні ў лесе на адлегласці 7-8 кіламетраў. Нялёгкі быў шлях да яго. Мы з дзецьмі нават заблудзіліся на лясных сцежках і, мабыць, не знайшлі б гэтае возера, калі б нам не дапамог Павел Ільіч Малькоў, жыхар Талькі. Ён правёў нас да жаданай мэты. І вось нарэшце мы маглі закрычаць словамі паэта: "А вось і возера-акно, Якога мала дзе пабачыш, Такое дзікае яно, Сярод балоцішча адно, - Завуць яго чамусь Грымячым." Сапраўды - адкуль такая назва? Дзед Павел патлумачыў нам, што так назвалі гэтае возера з-за таго, што яно знаходзіцца ў балоце, пад ім пласты торфу, ідзе працэс торфаўтварэння. Пры гэтым выдзяляюцца бурбалкі сярністага газу. Вось вам і гром. Яшчэ пра Грымячае расказваюць такую легенду. У Руднянскім лесе ёсць балота, а пасярод яго возера. Падысці да яго немагчыма - берагі вагаюцца. Кажуць старыя людзі, што раней на гэтым месцы замак стаяў. У замку тым жыў багаты і дужа ганарлівы шляхціц. Нядобрая слава ішла ў наваколлі пра гэтага чалавека - быў ён жорсткі і скнарлівы. У пана таго была прыгажуня дачка, якую ён вельмі любіў. Аднойчы разгулялася непагадзь - холад, вецер, дождж. Прыйшоў да замка нейкі здарожаны чалавек і папрасіўся пераначаваць. Жыў той прышлы ў замку два дні і дзве ночы. За гэты час ён заўважыў, як пан здзекуецца над сваімі слугамі. Тады падарожны заступіўся за слуг пана. Пану гэта не спадабалася, і ён прагнаў прыйшлага. Адыходзячы, вандроўнік сказаў шляхціцу: "Калі твая дачка будзе гатаваць ежу і ў яе выпадзе з рук і разаб'ецца яйка, тады твой замак праваліцца пад зямлю". Праз тры дні так і адбылося. Дачка ўпусціла яйка, і яно разбілася. У той жа час-момант загрымеў гром, пачаўся страшэнны лівень. Апоўначы замак праваліўся - утварылася возера. Часам яно грыміць, калі прыслухацца. Нібыта злуецца, гырчыць той жорсткі пан. Ад таго возера і завуць Грымячым. уверх |
||||